Тэма 6.3. Гукі ў моўнай плыні

Пытанні для самакантролю

  1. Раскрыйце змест паняцця “фанетычная пазіцыя”. Назавіце, якія пазіцыі з’яўляюцца моцнымі для галосных і зычных (звонкіх / глухіх, цвёрдых / мяккіх, выбухных / афрыкат, свісцячых / шыпячых), а якія – слабымі.
  2. Дайце характарыстыку акання і якання як разнавіднасцей якаснай рэдукцыі галосных у беларускай мове. Адказ праілюструйце прыкладамі.
  3. Ахарактарызуйце ўжыванне прыстаўных і ўстаўных гукаў у беларускай мове. Прывядзіце прыклады.
  4. Растлумачце значэнне тэрмінаў “акамадацыя” і “асіміляцыя”. Ахарактарызуйце віды акамадацыі і асіміляцыі ў беларускай мове. Прывядзіце прыклады.
  5. Дайце характарыстыку сцяжэння (кантракцыі) і спрашчэння (дыярэзы) гукавых спалучэнняў. Прывядзіце прыклады.
  6. Растлумачце розніцу паміж пазіцыйнымі чаргаваннямі гукаў і гістарычнымі чаргаваннямі фанемаў. Назавіце найбольш важныя віды гістарычных чаргаванняў у беларускай мове. Прывядзіце прыклады.

Практыкаванні

Практыкаванне 1.  Прачытайце, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення, прыведзены тэкст. Выпішыце з тэксту і затранскрыбіруйце дзесяць слоў, у складзе якіх адбылася якасная  або колькасная рэдукцыя галосных. Да падкрэсленага слова падбярыце адпаведнік у рускай мове. Акрэсліце характар матывацыі назваў свята ў рускай і беларускай мовах.

Зязюля – птушка, незвычайнасць біялогіі якой (не робіць гнязда, не выседжвае яйкі, не корміць птушанят, трымаецца самотна, скрытна, гучна кукуе, у палёце нагадвае ястраба) спарадзіла шмат паданняў, якія міфалагічным спосабам тлумачылі ўсе гэтыя асаблівасці яе незвычайным паходжаннем. Асноўныя сюжэты “зязюлінага міфа”, зафіксаваныя беларускімі збіральнікамі, наступныя. Зязюля – гэта ператвораная ў птушку князёўна, якую пракляла маці за непаслухмянасць (не хацела выходзіць замуж за таго, каго вызначыла маці). Зязюля – гэта скупая сястра, якая не хацела дапамагчы брату, і той памёр. Апамятаўшыся, сястра плакала і клікала яго па імені “Я-куб, Я-куб!” і так стала птушкай. Зязюля заняла важнае месца ў абрадавым календары беларусаў, яе кукаваннем абазначаецца вясна, ад Вялікадня да Пятра. Па кукаванні зязюлі лічылі гады жыцця, па першым кукаванні варажылі, які будзе год (добры, калі першае кукаванне чулася ў пакрытым лісцем лесе, і благі, калі яно адбывалася на “голы лес”).

 (Я. Крук)

 

Практыкаванне 2.  Вызначце словы, у якіх  галосныя [і], [а] з’яўляюцца прыстаўнымі. Там, дзе магчыма, падбярыце кантэксты, у якіх прыстаўныя знікаюць.

Дождж імжыць, укалоць іголкай, мінулы аўторак, ілжывыя словы, з ільдзінкай, небяспечная імшарына, ірдзістая раніца, зялёны агурок, цягнік імчаў, ільготы адменены, ірваць паперу,  ільняны абрус, істужка з шоўку, праз аржанішча, авечая шкура,  мераць на свой аршын, з вялікім імпэтам, інтэлігентны выгляд, ікра з баклажанаў, амшэлы пень.

 

Практыкаванне 3. Падрыхтуйце лінгвістычныя паведамленні на тэмы:

1) Узнікненне падоўжаных зычных у беларускай мове (гл. працу                Ф. М. Янкоўскага “Гістарычная граматыка беларускай мовы”(Мінск, 1989, с. 110-113);

2) Развіццё прыстаўных (пратэтычных) галосных і зычных у беларускай мове (гл. працу Ф. М. Янкоўскага “Гістарычная граматыка беларускай мовы”(Мінск, 1989, с. 93-95, 127-128).

 

Практыкаванне 4. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы,  прыведзены тэкст. Выпішыце з тэксту  дзесяць слоў, у якіх адбылася акамадацыя. Затранскрыбіруйце іх. Вызначце тып акамадацыі. З дапамогай ТСБМ растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых слоў.

Мала нам нашых жывых птушак, мы іх на ліштвах акон, на нашых ручніках і андараках выразаем і вышываем, на паштовых марках  малюем, каб вачам заўсёды было прыемна іх бачыць.

Птушак мы часцей за ўсё надзяляем сваімі чалавечымі ўласцівасцямі, атаясамліваем са сваімі добрымі якасцямі і заганамі: салавей для нас – гэта каханне, бусел – сямейнае шчасце, арол – харобрасць, жаўранак – адданасць радзіме, ластаўка – воля, лебедзь – пяшчота, журавель – вернасць, ястраб – агрэсіўнасць, варона – неразумнасць, сарока – балбатлівасць.

 (Я. Сіпакоў)

 

Практыкаванне 5. Адзначце, як бы гучала слова распіраць у беларускай мове, каб у ёй дзейнічаў закон не рэгрэсіўнай, а прагрэсіўнай асіміляцыі.

 

Практыкаванне 6. Затранскрыбіруйце прыведзеныя словы. Адзначце, пры якіх умовах адбываецца нейтралізацыя шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкат. Вызначце, якія фанемы прадстаўляюць гукі, абазначаныя падкрэсленымі літарамі. Якому арфаграфічнаму прынцыпу падпарадкавана  перадача на пісьме спалучэнняў шыпячых гукаў са свісцячымі і выбухных гукаў  з афрыкатамі?

Пад чаромхай, адцурацца, ад чаго, па звычцы, на кладцы, прадчуванне,  у лодцы, адценне, расшываць, бясшкодны, разжыцца, разжаваць, з жалем, без шаля, зжыцца, пасшываць.

 

Практыкаванне 7. Прачытайце выразна, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш Н. Тарас. Выпішыце з тэксту і затранскрыбіруйце словы, у якіх адбылася асіміляцыя зычных. Вызначце яе тып.

Дружбы нельга прасіць,

Выглядаць на здзічэлым дзірване,

Нібы папараць-кветку

Таемна шукаць уначы:

Яна цябе знойдзе

Аднойчы –

Зусім нечакана, –

Бы птушка,

Што сядзе

 

Спачыць на тваім плячы.

Не палохай яе,

Падстаў асцярожна далоні,

Хай знянацку адчуе

Дыхання твайго цеплыню.

І чароўная сіла

Душу тваю шчасцем агорне.

Ты пройдзеш

Праз любыя віхуры агню.

 

 

Практыкаванне 8. Запішыце прыведзеныя словы ў адпаведнасці з правіламі сучаснай арфаграфіі. Падкрэсліце мяккія зычныя, што ўваходзяць у іх склад. Адзначце, у якіх выпадках мяккасць зычнага спрадвечная, а ў якіх  – асімілятыўная. Якому прынцыпу арфаграфіі падпарадкаваны правапіс слоў з асімілятыўным змякчэннем зычных? Высветліце лексічнае значэнне незразумелых слоў з дапамогай слоўніка              І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994).

[п’іс’мэ́н¯ас’ц’], [z’м’э], [л’э́z’в’э], [ба́ц’каўшчына], [б’э́́з’л’іч], [б’аз’м’э́ш], [ба́н’ка], [γас’ц’ава́н¯’э], [с’л’і́в’іна], [с’н’іц’], [с’ц’уz’о́нка], [цаγ’э́л’н’а], [ус’ц’а́ш], [чыс’ц’э́́ц’], [заjас’н’э́ц’], [збо́л’шаγа].

 

Практыкаванне 9. Прачытайце, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення, прыведзены тэкст. Выпішыце з тэксту і размяжуйце словы з фанетычным падаўжэннем і марфалагічным падваеннем зычных. Знайдзіце ў тэксце іншамоўныя словы. Ахарактарызуйце іх фанетычныя прыметы.

Вобразы птушак у міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў  абумоўлены перадусім прыродна-геаграфічнымі ўмовамі. Фальклорная інтэрпэтацыя гэтых вобразаў захавала старажытныя бессмяротныя матывы. Універсаліяй выступае размяшчэнне птушкі на вяршыні Сусветнага дрэва. Часцей гэтая птушка судачыняецца з богам Грымотнікам, пазней – з хрысціянскім богам. Сувязь Сусветнага дрэва, яго вяршыні, з выраем – месцам знаходжання душаў памерлых – абумовіла універсальную міфалагему “птушкі – душы”. У вераваннях беларусаў памерлая маці птушкай прылятае да свайго дзіцятка, на Дзяды на могілках кармілі птушак, а тых, хто павесіўся, паміналі два разы на год: рассыпалі на ростані для птушак зерне.

У беларусаў, як і ў іншых народаў, птушкі выступаюць як сімвалы божай існасці, верху, неба, сонца, грому, ветру, воблака, свабоды, росту, жыцця, урадлівасці, багацця, узыходжання, прадказання, сувязі паміж касмічнымі зонамі, душы, духа жыцця.

Мае месца пазначэнне праз сімволіку птушак сацыяльных, узроставых і полавых катэгорый жыцця. Найбольш папулярнае і вядомае  ў мностве варыянтаў замяшчэнне вобразамі птушак дзяўчыны / нявесты, хлопца / жаніха. Вядомае беларусам і разуменне птушак як сродкаў магічнага ўздзеяння прадукавальнага ці абарончага характару. Даўней шырока практыкаваліся прадказанні па палёце птушкі лёсу, долі, здароўя, дабрабыту, надвор’я.

(Т. Валодзіна, Я. Сахута)

 

Практыкаванне 10. Ахарактарызуйце фанетычныя працэсы ў прыведзеных словах, запоўніўшы табліцу 3.

 

Табліца 3 – Фанетычныя працэсы ў беларускай мове

Прыведзенае слова

Транскрыпцыя

Характарыстыка гукавых змен

Прыклады

Палескі

 

 

 

Што

 

 

Вужалкі

 

 

Бразнуць

 

 

 

 

Госць

 

 

 

 

[пал’э́ск’і]

 

 

 

[што]

 

 

[вужа́лк’і]

 

 

[бра́знуц’]

 

 

 

 

[γос’ц’]

Сцяжэнне гукаў(кантракцыя)

[сс] > [с]

 

Дысіміляцыя

[ч]  >  [ш]

 

Пратэтычны  зычны [в]

 

Спрашчэнне гукавых спалучэнняў (дыярэза)

[згн] > [зн]

Няпоўная рэгрэсіўная асіміляцыя

па мяккасці

Каўказскі [зс]>[c]

[каўка́ск’і]

 

Хто [хто]

[к] > [х]

 

Вочы, вушы

[во́чы], [ву́шы]

 

Капусны [капу́сны]

[стн] > [сн]

 

 

Свята

[с’в’а́та]

Расшыфраваць, бермудскі, звяртацца, абедзве, мыешся, шчаслівы, малацьба, бегчы, несці, расчапіць, з жыцця, вяснянка, помслівы, вупраж, іхні, гэты, Узвіжанне, Купалле, даклад, матчын, бегчы, расшыты, як бы, бярвенне, Лявон, карабель, рэгіён, водгук, іржышча, іншы, іскра, ралля, хараство, посны, журавель, аржаны, беларускі, гэтакі, ткацтва, завушніцы, рыззё, ранне, сэрца, аўторак, вольха, акіян, мноства, цівун, ільнішча.

 

Практыкаванне 11.  Выявіце фанетычныя адрозненні (звярнуўшы асаблівую ўвагу на адметнасць  камбінаторных і пазіцыйных зменаў гукаў), якія сустракаюцца ва ўрыўку з апавядання А. П. Чэхава “Пра каханне” і ў перакладзе гэтага ўрыўку на беларускую мову А. Васілевіч.

До сих пор о любви была сказана только одна неоспоримая правда, а именно, что “тайна сия велика есть”, всё же остальное, что писали и говорили о любви, было не решением, а только постановкой вопросов, которые так и оставались неразрешёнными. То объяснение, которое, казалось бы, годится для одного случая, уже не годится для десяти других, и самое лучшее, по-моему, – это объяснять каждый случай в отдельности, не пытаясь обобщать. Надо, как говорят доктора, индивидуализировать каждый отдельный случай.

Да гэтага часу пра каханне была сказана толькі адна бясспрэчная ісціна, а менавіта, што “тайна сія вялікая ёсць”, усё ж астатняе, што пісалі і казалі пра каханне, было не рашэннем, а толькі пастаноўкай пытанняў, якія так і заставаліся нявырашанымі. Тое тлумачэнне, якое падыходзіць да аднаго выпадку, ужо не падыходзіць да дзесяці іншых, і самае лепшае, па-мойму, – гэта тлумачыць кожны выпадак паасобку, не шукаючы абагульненняў. Трэба, як кажуць дактары, індывідуалізаваць кожны паасобны выпадак.

 

Практыкаванне 12. Затранскрыбіруйце прыведзены тэкст. Падкрэсліце словы, якія ілюструюць якасную рэдукцыю галосных (аканне і яканне), дзеканне, цеканне, наяўнасць прыстаўных гукаў, падаўжэнне зычных, розныя тыпы асіміляцыі, сцяжэнне, спрашчэнне спалучэнняў гукаў.

Верабей – гэта птушка-шкоднік, птушка-злодзей. Крадзе зерне, дзе б яно ні было, знішчае частку ўраджаю. Асабліва вераб’іным нападам падлягалі каноплі. Верабей трапіў у разрад помслівых, хоць і не вельмі грозных ворагаў селяніна. Паводле народнай міфатворчасці, верабей скача дзвюма ножкамі адразу, бо за правіннасць у час выбараў птушынага цара яму звязалі ногі. Ён добра жыве і множыцца, бо гэта дазволіў яму Бог за тое, што верабей украў адзін цвік, якім збіраліся прыбіваць Ісуса Хрыста да крыжа. Душа нябожчыка ў выглядзе вераб’я можа прылятаць да блізкага чалавека, які моцна па ім смуткуе. На Палессі вераб’я адносяць да тых гадаў – вужоў, жаб, смаўжоў, што былі сабраны ў торбу на знішчэнне, але па неасцярожнасці былі выпушчаны анёлам, за што ён быў ператвораны ў бусла. Паўднёвыя славяне, сям-там рускія і палешукі пяклі вераб’ёў на Новы год і разгаўляліся імі. З дапамогай вераб’я дзяўчаты варажылі пра замуства: злоўленага вераб’я кідалі ў запаленую печ. Калі той здолеў вылецець, то і дзеўка “вылеціць” замуж.

(Паводле Л. Салавей)

 

Практыкаванне 13. Выпішыце асобна пары слоў з пазіцыйнымі і гістарычнымі чаргаваннямі.  Ахарактарызуйце ўмовы гэтых чаргаванняў. У чым заключаецца фаналагічны змест кожнага тыпу чаргаванняў?

Памяць – успамін, жаць – дажынкі, дух – дыхаць – душа, спаць – спі, мова – вымаўленне, плесці – плот, музыка – музычны, рака – рацэ, вока – вочы, дошка – дошцы, берагі – бераг, густы – гушчар, вечар – вячоркі, цэбар – цабэрак, соладка – асалода, вёсны – вяснянка,  глотка – глыток, выбіраць – выбраць, поўны – повен, мох – амшанік, цэгла – цагельня, хрэст – хрышчэнне, замыкаць – замкнуць, арэх – арэшак, поўны – повен, лятаць – лётчык.

 

Практыкаванне 14. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Да вытокаў слова…”. Акрэсліце ў выступленні паходжанне слоў абалачок, абярнуць, вобад, гусці, збожжа, згода, карэц, падчарка, лесвіца, панядзелак, праўда, крыўда, снедаць. Рыхтуючыся да   выступлення, звярніцеся да працы Ф. М. Янкоўскага “Гістарычная граматыка беларускай мовы” (Мн., 1989, с. 280-287). Акцэнтуйце ўвагу ў  паведамленні на фанетычных зменах дапісьмовай і пісьмовай пары ў прыведзеных словах.

 

Практыкаванне 15. Затранскрыбіруйце прыведзены тэкст. Выпішыце з тэксту словы з гістарычнымі змяненнямі зычных. Падбярыце да выпісаных слоў аднакаранёвыя, якія б ілюстравалі старажытнае памякчэнне заднепаднябенных, змяненне спалучэнняў зычных з [j], падзенне рэдукаваных, манафтангізацыю дыфтангоідаў.  

Прааналізуем зварот, у склад якога ўваходзіць назва птушкі: с.-харв. ‘атрымаць вераб’я’ – нічога не атрымаць. Відавочна, значэнне гэтага звароту звязана з уяўленнямі  аб рухавасці, няўлоўнасці вераб’я. Вучоныя-гісторыкі мовы лічаць, што слова верабей узыходзіць да старажытнага славянскага кораня vorb-, які аб’ядноўвае словы з адзнакаю “круціцца, вярцецца” (параўн. рус. вороб, воробы – матавіла, глаза на воробах – пра чалавека з неспакойным позіркам). Характэрная асаблівасць вераб’я – лёгкасць, рухавасць – ацэньваецца ў народных павер’ях станоўча, аб чым сведчыць памянёны раней звычай рытуальнага з’ядання вераб’я перад Новым годам з мэтай набыцця якасцей гэтай птушкі.

Але тут (як і ў іншых выпадках) мы сустракаемся з процілегласцю ўяўленняў аб жывых істотах – звярах і птушках. Рухавасць і асабліва вяртлявасць вераб’я ставяць яго ў народных павер’ях побач з іншымі з’явамі і прадметамі, якія здольныя круціцца, вярцецца. Апошнія ж (менавіта з-за гэтай адзнакі) звязваюцца з нячыстай сілай.

Прысутнічае верабей у загадкавым звароце ‘вераб’іная ноч’ – цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі маланкамі. Згодна з народнымі павер’ямі, у гэтую ноч з пекла на свет выходзяць усе злыя сілы, якія нібыта спраўляюць сваё галоўнае гадавое свята.

(Паводле У. Коваля)

 

Практыкаванне 16. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Выпішыце з перакладзенага тэксту словы з гістарычнымі змяненнямі зычных.  

Филин – вид птиц, находящийся под угрозой исчезновения. Занесён в Красную книгу Беларуси. Численность филина резко сократилась из-за вырубки старых лесов и поощрявшегося ранее прямого истребления птиц.

Белорусское название филина – пугач –  дано ему незря. Многие знают об устрашающих повадках этой крупной совы, её громком, заставляющем испуганно вздрогнуть “уханье” и о разбое, который она учиняет среди своих же пернатых собратьев. И всё же видели его в природе в последние годы немногие.

Филин активен ночью и в сумерках. Днём же он в полудрёме отсиживается где-либо на толстой ветви, прижавшись к стволу дерева и будучи мало заметным. Но лесные шорохи сонный филин слышит  тем не менее хорошо и соответственно на них реагирует: открывает глаза, медленно поворачивает почти на 180О голову, щёлкает клювом и иногда, словно дворняжка, “лает”. Шансов на то, чтобы именно в таком состоянии увидеть филина в лесу, очень немного. Чаще всего его можно обнаружить в феврале-апреле по далеко слышимому “уханью”.

(Паводле Л.М. Сушчэні)